«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

двухтомная энцыклапедыя; першая ў гісторыі бел. народа галіновая энцыклапедыя па тэатр. мастацтве. Выдадзена ў 2002—2003 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. Уключае больш за 2 тыс. артыкулаў, прысвечаных нар., прафес., аматарскаму тэатр. мастацтву, яго жанрам і формам, акцёрскаму мастацтву, рэжысуры, драматургіі, сцэнаграфіі, н.-д. рабоце ў галіне тэатра. Асвятляюцца тэатр. жыццё гарадоў, творчасць асобных тэатраў, прыведзены іх храналагічныя рэпертуарныя спісы. Асобныя артыкулы прысвечаны найб. значным пастаноўкам п’ес, опер, балетаў, аперэт. У выданні значнае месца адведзена біяграфічным артыкулам пра акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, кампазітараў, дырыжораў; прыведзена найб. ужывальная тэатр. тэрміналогія, а таксама змешчаны артыкулы па выяўленчым мастацтве, л-ры, фальклоры, друку, радыё, тэлебачанні і інш., якія маюць адносіны да тэатр. мастацтва. У выданні 1,4 тыс. чорна-белых і каляровых ілюстрацый.

Л.​В.​Календа.

Энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» 2002—03.

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)